СУРМЯ́НЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы сурмы. Вылучаюць уласна С.р. (монаметальныя), комплексныя і сурмазмяшчальныя. Уласна С.р. маюць гал. прамысл. значэнне і падзяляюцца на вельмі багатыя, або штуфныя (20—50% сурмы), багатыя (6—12%), радавыя (2—6%), бедныя (1—2%) і ўбогія (да 1%). Паводле саставу падзяляюцца на сульфідныя (больш за 70% гал. мінералу антыманіту), сульфідна-аксідныя (30—50% сурмы ў аксіднай і гідраксіднай форме) і аксідныя (больш за 50% сурмы ў аксідных злучэннях). Комплексныя С.р. падзяляюцца на ртутна-сурмяныя, сурмяна-поліметалічныя, золата-сурмяныя, сурмяна-вальфрамавыя і інш.; сурмазмяшчальныя руды — на 2 падтыпы: мінералы сурмы ўтвараюць невял. гнёзды багатых руд; сурма ізаморфна ўваходзіць у крышт. рашотку інш. мінералаў у поліметалічных рудах або ўтварае тонкую ўкрапанасць. Паходжанне гідратэрмальнае. Радовішчы ў Балівіі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Мексіцы, Турцыі, Кітаі, Расіі і інш.

т. 15, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)